НАСТО́ЛЬНАЯ ВЫДАВЕ́ЦКАЯ СІСТЭ́МА,

камп’ютэрная сістэма, прызначаная для аўтаматызаванай апрацоўкі тэкставай і ілюстрацыйнай (чорна-белай і каляровай) інфармацыі пры вырабе фотаформы або арыгінал-макета паліграф. выдання (кнігі, часопіса, газеты і інш.). Звычайна размяшчаецца на адным рабочым месцы і прызначана для выкарыстання ў выдавецтве або сярэднім паводле аб’ёму выдавецка-паліграф. комплексе.

Складаецца з персанальнай ЭВМ (ПЭВМ) з клавіятурай, дысплеем, маніпулятарам тыпу «мыш» і прыстасаваннямі для электронных носьбітаў інфармацыі, спецыялізаванага матэм. забеспячэння (праграмы аўтам. набору і вёрсткі ў пакетным і дыялогавым рэжыме) і дадатковага перыферыйнага абсталявання. Падрыхтоўка выданняў на Н.в.с. ўключае: набор тэкстаў з дапамогай тэкставых рэдактараў, апрацоўку ілюстрацый з дапамогай графічных рэдактараў, вёрстку выданняў і раздрукоўку матэрыялу (на паперы ці плёнцы ў выглядзе арыгінал-макета). Для апрацоўкі тэкстаў звычайна выкарыстоўваецца стандартная ПЭВМ, для вёрсткі і апрацоўкі ілюстрацый — удасканаленая ПЭВМ ці спецыялізаваныя графічныя станцыі. У якасці дадатковага абсталявання (арганізацыйна-тэхнал. забеспячэння) выкарыстоўваюць: сканеры для ўводу ілюстрацый ці тэксту, прынтэры ці фотанаборныя аўтаматы для раздрукоўкі матэрыялу і вываду інфармацыі на святлоадчувальную плёнку. Існуе больш за 100 варыянтаў Н.в.с., пабудаваных паводле модульнага прынцыпу. Стварэнне гарнітур-кегляў ажыццяўляецца праграмным шляхам, магчыма іх практычна неабмежаваная колькасць. Інфармацыя пра шрыфты закладзена ў памяць ЭВМ. У параўнанні з ранейшымі тэхналогіямі Н.в.с. дазваляе больш аператыўна і якасна рыхтаваць выданні.

Літ.:

Шкаев А.В. Настольные издательские системы: Справ. М., 1994;

Тимофеев Я.Я. Издательство на моем столе. М., 1993.

С.А.Макаёнак.

т. 11, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)